.RU

БЕЛАРУСКІ ХУТАР ЯК МАДЭЛЬ БЫЦЦЯ ЧАЛАВЕКА - Л. Д. Синькова Редакционная коллегия



^ БЕЛАРУСКІ ХУТАР ЯК МАДЭЛЬ БЫЦЦЯ ЧАЛАВЕКА

(НА МАТЭРЫЯЛЕ ТВОРАЎ М. ГАРЭЦКАГА, Г. ДАЛІДОВІЧА, Г. МАРЧУКА)


Сюжэты і вобразы беларускай прозы пераканаўча пацвярджаюць, што, не маючы магчымасці самаідэнтыфікавацца адносна дзяржаўнага цэлага, якое пастаянна мянялася, «тутэйшы» самаідэнтыфікаваў сябе з адзіна непарушным, адвечным — з роднай зямлёй. Невыпадкова яна стала генеральнай дамінантай многіх твораў беларускай літаратуры. Топас зямлі натуральным чынам лакалізаваўся ў айчыннай прозе як топас хутара. Хутар паўстае своеасаблівым апірышчам індывідуальнасці ў свеце, які паслядоўна яе нівеліруе. Таму ў шэрагу мастацкіх характараў, створаных беларускімі празаікамі, адметнае месца займае «чалавек на хутары». Так заявіў пра свайго героя Лявона Бушмара К. Чорны. У беларускім літаратуразнаўстве гэты вобраз досыць грунтоўна даследаваны. Пагодзімся з М. Тычынам, што хоць «у прамове абвінаваўцы гучыць адназначнае асуджэнне “бушмараўшчыны”… мастацкая тканіна аповесці сведчыць аб тым, што Чорны з увагай прыглядаўся да гэтага чалавечага тыпу, а ў наступных творах не раз вяртаўся да паказу вобразаў, блізкіх па жыццёвай пазіцыі Бушмару» [1, с. 349].

Мастакоўская ўвага да чалавека на хутары абумоўлена прычынамі не толькі сацыяльна-палітычнага характару. «У адрозненне ад плеяды рускіх пісьменнікаў і паэтаў, большая частка якіх нарадзілася і атрымала першапачатковую адукацыю і выхаванне ў памешчыцкіх сядзібах, большасць класікаў беларускай паэзіі і прозы — з’явы выключна прыродна-сельскія, а дакладней, прыродна-хутарскія» [2, с. 356]. Менавіта ў натуральна-прыродных умовах фарміраваліся іх базавыя алгарытмы, каб пасля трансфармавацца па эстэтычных законах, што ў поўнай меры датычыць творчасці Г. Далідовіча. Яго радзіма — хутар Амшарок, і гэтую частку сваёй знешняй біяграфіі пісьменнік аддае героям рамана «Заходнікі» Грыгарцэвічам. Хутар Грыгарцэвічаў мы бачым вачыма старшыні сельсавета Кураглядава: «У двары Кураглядаў здзівіўся: глядзі ты, плошча малая… але тупка, чыста» [3, с. 349]. Гэта вынік клопатаў такіх, як Францішак Грыгарцэвіч, «талковых гаспадароў», «гаспадарлівых і мудрых», але, паводле думкі Кураглядава, «нелаяльных хутаранцаў» [3, с. 43].

З адметнасці беларускага хутара як мадэлі чалавечага быцця вынікае спецыфіка беларускай ідэнтычнасці — падзел на «ўсходнікаў» і «заходнікаў». Гэтая праблема, у прыватнасці, прыцягвала ўвагу У. Калесніка. Ён бачыў яе як праблему дэфармацыі архетыповых этнічных рыс у жыхароў усходніх абласцей, што з’явілася прадметам палемікі ў час сумесных з Я. Брылём і У. Караткевічам падарожжаў па былой Заходняй Беларусі. Думка Караткевіча была песімістычнай: «…нас, усходнікаў, дзесяткі гадоў адвучвалі ад працы, прывучалі да голаду і калгасаў…» [4, с. 67]. Аднак тэма была для яго балючай, таму часам у спрэчках ён выяўляў непаслядоўнасць. Калі ж У. Калеснік заўважыў, што заходнікі маюць гаспадарскую псіхалогію, то, абараняючы сваіх землякоў, У. Караткевіч запярэчыў: гэтая псіхалогія аднаасобніцкая, а «ўсходнікі даўжэй жывуць у сацыялістычных умовах, выпрацавалі калектывісцкую псіхалогію» [4, с. 104]. Апаненты, аднак, пагадзіліся на думцы, што галоўнае ў сацыяльнай псіхалогіі — гэта годнасць, маючы на ўвазе перш за ўсё «Коласаў прынцып годнасці селяніна» [4, с. 104], звязаны з набыццём зямлі, уласнага кута. У. Калеснік задае слушнае пытанне: «А хто ж раней быў раскулачаны, пазбаўлены ўласнай зямлі: усходнікі ці заходнікі? Дзе раней калектывізацыя абеззямеліла селяніна, а значыць і мацней падкасіла аснову годнасці?» [4, с. 104—105]. Да «заходнікаў» Г. Далідовіча цалкам стасуецца меркаванне героя апавядання І. Піліпава «Гордасць»: «…калі ты чалавек, маеш у сабе сэрца, душу і розум, — то ты горды, а гордасць — гэта спазнанне, хто ты такі» [5, с. 268]. У вуснах Кураглядава гэта гучыць так: «Мужыкі мужыкамі, а нос дзяруць! Пачакайце, будзе не тое, што вы хочаце. А тое, што мы зробім! Пакажам яшчэ калхозную жысць — хопіць… бліны на два бакі маслам мазаць!..» [3, с. 52]. Сапраўды, «там, дзе драбнее ўласнасць, драбнее і псіхалогія. Нараджаецца парабкоўская абыякавасць і безгаспадарчасць пустальгі», і гэта адна з прычын адрознасці псіхалогіі «ўсходнікаў», але ў цэлым яна не горшая, чым у «заходнікаў», а — іншая. Вартая павагі наступная пазіцыя У. Калесніка як творцы і грамадзяніна: «Калі ты станеш апісваць калгаснікаў толькі ружовымі фарбамі, то праявіш лакейскую псіхалогію» [4, с. 105].

Сэнсава-каштоўнаснымі велічынямі таго ж парадку, што і хутар, паўстаюць у мастацкай прозе пчэльня і млын, а ў дэфармацыі або ўвогуле знікненні звязаных з імі прафесій і адпаведных чалавечых тыпаў бачыцца пагроза як спрадвечнаму мудраму ўсталяванню жыцця і прыватнаму жыццю дбайнага, рупнага чалавека, так і яго праву быць па-мастацку праўдзіва адлюстраваным. У беларускай прозе першай трэці ХХ стагоддзя мы яшчэ не знаходзім завершанага ў сваёй цэласнасці індывідуалізаванага вобраза пчаляра, значнага для ўсіх часоў і народаў, як, напрыклад, Савасьян у Л. Ляонава («Петушыхінскі пралом», 1922). У асобных заўвагах і праекцыях адчуванняў героя ўтрымліваецца вялікі прарочы сэнс. Пасля сустрэчы з «кожаным человеком» Савасьян «…шёл к себе в овраг, и яма росла внутри его…» [6, с.  161]. Перад тым як чацвёра функцыянераў новай улады апаганілі мошчы святога Пафнуція, пісьменнік паказвае, што «висела смешно и грустно в бороде Савосьяновой заблудившаяся и мёртвая теперь пчела» [6, с. 165]. Калі Петушыху напаткаў мор, «шёл полем Савосьян… и всё глядел, и всё думал, что не всегда слепым худо быть» [6, с. 176].

Агульначалавечы абрыс вобраза пчаляра азначаны Л. Калюгам праз уяўленні дзівакаватага Клемаса Віткі. «Не так ужо й блага — пчаляр. Тут адзіная нязручнасць, што вельмі ж у тых мух пякучыя джалы. Але да іх можна прывыкнуць. А спакоем, ласкаю й свой характар ураўнаважыш, і з драбязою гэтаю можна добрыя дачыненні ўстанавіць. І гэта дзе-небудзь у глушы, у Палессі» [7, с. 499] — глушы, падобнай да легендарнай ляонаўскай Петушыхі, задуманай Усявышнім для чалавечага шчасця…

Пэўную ідэйна-мастацкую сувязь з творам Л. Ляонава можна адзначыць і ў апавяданні М. Гарэцкага «Багатая пчэльня». Яе безыменны герой — «заможны зямец», які надта ж умеў «хадзіць ля пчол» [8, с. 42]. Пчаляр не пазбаўлены прадпрымальніцкіх здольнасцей, што дазволілі яму праз кароткі час «аграбаць раёў» і «плаваць у мяду». М. Гарэцкі падкрэслівае ў асобе героя такія вартасці, як памкненне да згоды, «тараватасць», дбайнасць. Адно што не любіў ён, «калі хто лез к яму ў рабоце», і пчэльня яго мела шчыльныя паркан і дзверцы, што таксама сведчыць пра імкненне талерантнай у цэлым асобы да захавання сваёй духоўнай аўтаноміі. «Слаўная пчэльня», як яе характарызуе М. Гарэцкі, была ўладкавана надзвычай мэтазгодна і практычна, а да таго ж валодала «салодкім хараством», якое разам утваралі навакольныя краявіды, гукі, фарбы і пахі. У пачатку апавядання М. Гарэцкі падкрэслівае, што яго герой жыў пры паншчыне. Аднак дата напісання твора (1921) і аўтарскае рэзюме «Сумны канец мела гэтая слаўная пчэльня, як і многае тады, у тым мінулым часе» [8, с. 44], дапускаюць меркаванне, што мастацкі час, як і ў «Петушыхінскім праломе», утрымлівае калізіі эпохі войн і рэвалюцый, якая паклала пачатак асабовай і грамадскай дэструкцыі, справакавала «великий пролом не в одном человеческом сердце» [6, с. 138], парушыла заканамернасць эвалюцыі і паставіла пад сумненне магчымасць пераходу асоб «сярэдняга тыпу», якімі выступаюць хутаране, «заходнікі», пчаляры, «зямцы», млынары і падобныя да іх літаратурныя героі, на наступную ступень духоўнага развіцця. У апавяданні М. Гарэцкага «Літоўскі хутарок» Ян Шымкунас «жаліўся: “Ах, Божа мой! Не пашкадавалі маіх пчолак. Чужы пакрыўдзіў і свае ж не даруюць» [8, с. 445]. Тут сцвярджаецца тая ж гуманістычная думка, што і ў творы Л. Ляонава — несумяшчальнасць залатых пчол жыцця і чорных мух вайны і смерці. Аналіз асаблівасцей такога мастацкага тыпу, як пчаляр у Л. Ляонава, схіляе таксама да роздуму пра глыбокую філасофска-эстэтычную сувязь вобразаў «новай зямлі» і пчаляра ў паэме Я. Коласа.

Адзначаныя вышэй вобразы «людзей з хутара», за выключэннем Бушмара, з’яўляюцца носьбітамі некаторых ідэальных рыс, на што ў кожнага з аўтараў ёсць свае прычыны. Гэтага, аднак, нельга сказаць пра Змітра Летуна з рамана Г. Марчука «Крык на хутары», героя амбівалентнага. На гэтым вобразе аўтар пераканаўча выяўляе, як менавіта зямля абумоўлівае і памкненні героя, і яго супярэчлівыя рысы, штурхае то на несамавітыя, то на самаахвярныя ўчынкі, служыць то каменем спатыкнення, то апраўданнем.

Калі пошукі «новай» зямлі героямі Я. Коласа павінны былі даць ім не толькі сілы, а і волі, то на этапе набыцця ўласнага хутара Лятун робіць сваіх дзяцей катаржнікамі, але і сам ён, як пісаў І. Мележ, — «камандзір катаржнай каманды». Нават калі пачынае пагаршацца здароўе, Змітро наадрэз адмаўляецца ехаць у бальніцу, перажываючы за «хазяйства»… У гэтым вобразе пазнаюцца і рысы мележаўскага Карча, і брылёўскага Хамёнка: ад’язджаючы «на лёды», Лятун наказваў дзецям не аб’ядацца што свінні, перабівацца, акрамя хлеба, шчаўем і затаўкай…

Г. Марчук уважліва сочыць за тым, як, стаўшы хутаранцам, Лятун з надзеяй, а больш з трывогай прыглядаецца да сыноў — каму з іх можна будзе даверыць справу свайго жыцця? У выніку аддае перавагу Юзіку, які «кінуў школу, быў пры бацьку… Быў заняты справай і вучыўся гаспадарыць» [9, с. 70]. Зрэшты, коласаўскі Міхал ужо ў пачатку мінулага стагоддзя разумеў, што «грунт пад нагамі» — не толькі зямля, а і навука.

Нават чуткі аб вайне не здаюцца Змітру пагрозлівымі. Ён упэўнены, што яго хутар «з краю». Між тым, праб’е час, і вобраз Летуновага хутара, як хутара Багацькаў у «Знаку бяды», узбуйніцца да маштабаў усёй шматпакутнай Беларусі, а ў абліччах яго дзяцей адаб’ецца адметнае ў кожным выпадку адценне спектру пакутніцкага нацыянальнага быцця.

Трэба адзначыць таксама, што зайздросная ўпартасць Летуна сабраць грошы і купіць зямлю прымушала «паважаць гэтага беднага селяніна», які хацеў не арандаваць зямлю, а мець «сваю крэўную», каб, як ён кажа, «толькі мае правы былі на яе, як у бога на мяне”. Асаблівасці сюжэту твора і паказу ўнутранага свету гэтага героя робяць пераканаўчым наступны яго ўчынак: «Змітро ўпаў на калені і пацалаваў сваю зямельку» [9, с. 43]. «Угору пайшоў», — скажуць аб ім, але гэта, на жаль, будзе пачаткам маральнага заняпаду Летуна, які быў перакананы: нішто, акрамя ўлады і зямелькі, не корміць. Стаўшы гаспадаром хутара, ён відочна змяніўся, бо «пачуццё асабістай незалежнасці расло як на дражджах да фанабэрыі, абыякавасці да іншых, нават нахабнай смеласці» [9, с. 142]. Мусіць, ад немагчымасці атрымаць уладу Змітро пачынае выяўляць нематываваную на першы погляд агрэсіўнасць. Жывучы «за якіх-небудзь пяцьдзесят кіламетраў ад Расіі», дзе, ён чуў, усё ў чалавека забіраюць, Лятун не мог не задумвацца аб тым, што будзе, калі прыйдуць сюды. З пункту гледжання заўсёднага здаровага сэнсу яму было цяжка паверыць, што ўсё забяруць, ні за што ні пра што, і ён вырашае, што будзе абараняць свой хутар…

Невыпадковым бачыцца той штрых да аблічча Летуна, што ён «любіў і паважаў сабак за адданасць і цярплівасць да гаспадара». Верагодна таму, што не бачыў такіх якасцей у людзях вакол сябе. А яшчэ гэта і паказчык чалавечай адзіноты сярод людзей, «цягучай, як мёд, але горкай, як перац» [9 , с. 92]. Надзвычай паказальна таксама, што Змітро памірае ад хваробы сэрца. Па-першае, памерці ў вайну ад хваробы (як, напрыклад, быкаўскі Гарадзілаў) — увогуле вялікая раскоша, свайго роду ўзнагарода. Па-другое, аказалася, што ў «бессардэчнага» Летуна сэрца ўсё ж ёсць і ён паспеў перад смерцю cкінyць з яго страшэнны цяжар…

Такім чынам, распаўсюджанасць вобраза хутара ў айчыннай прозе абумоўлена асаблівасцямі беларускага «кормячага ландшафту», у тым ліку і як асяроддзя фарміравання творчай асобы, што робіць заканамернай увагу пісьменнікаў да постаці «чалавека на хутары», які паказана пераважна як амбівалентны герой або носьбіт ідэальных рыс, асабліва ў тых выпадках, калі імкнецца не толькі да «новай зямлі», а і да «новага неба». Беларускі хутар як мадэль быцця чалавека вызначае не толькі індывідуальнае і тыповае ў літаратурных характарах, а і дазваляе пашырыць уяўленне аб праблеме нацыянальнай ідэнтычнасці, увасобленай як мастацкі феномен у прозе мінулага і бягучага стагоддзяў. Перспектыўнымі напрамкамі ў святле акрэсленай праблемы можна лічыць даследаванне такіх з’яў беларускай топікі, як пчэльня і млын, у іх сувязі з сацыяльнымі і мастацкімі характарамі і тыпамі.

_______________________

1. Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: 4 т. / Нац. акад. навук Беларусі, Аддз-не гуманіт. навук і мастацтваў, Ін-т літаратуры імя Я. Купалы. — Мінск, 1999. — Т 2.: 1921—1941.

2. Кириенко, В. В. Природно-климатические детерминанты формирования белорусского этноса и менталитета белорусов // Этносоциальные и конфессиональные процессы в современном обществе: материалы междунар. науч. конф., 8—9 декабря 2005 г., Гродно / отв. ред. проф. М. А. Можейко. — Гродно, ГрГУ, 2006. — С. 350—356

3. Далідовіч, Г. Заходнікі / Г. Далідовіч. — Мінск, 1998.

4. Калеснік, У. Усё чалавечае: літ. партр., арт., нарысы / У. Калеснік. — Мінск, 1993.

5. На ўсходзе сонца: Творы беларус. пісьменнікаў пач. ХХ ст. / Аўт., прадм. і ўклад. У. М. Казбярук. — Мінск, 1990.

6. Леонов, Л. Повести и рассказы / Л. Леонов. — Л., 1986.

7. Калюга, Л. Творы: раман, аповесці, апавяданні, лісты / уклад., прадм. Я. Лецкі; камент. Н. В. Гаўрош, Т. М. Трыпуцінай / Л. Калюга. — Мінск, 1992.

8. Гарэцкі, М. Прысады жыцця: апавяданні, аповесці / М. Гарэцкі; уклад. Т. Голуб. — Мінск, 2003.

9. Марчук, Г. Крык на хутары / Г. Марчук // Крык на хутары. Кветкі правінцыі: раманы. — Мінск, 1998. — С. 3—219.


Г. М. Праневіч (Брэст)


^ ГІСТОРЫЯ КЕЛЬТАЎ І ПРАБЛЕМА

НАЦЫЯНАЛЬНАГА РУБЯЖА Ў РАМАНТЫЧНАЙ АПОВЕСЦІ

А. ЛОЙКІ “КЕЛЬТЫ НЕ ЎМІРАЮЦЬ…”


Рубеж 1990-х – пачатку трэцяга тысячагоддзя ў беларускай літаратуры – гэта час цяжкіх роздумаў нацыянальнай інтэлігенцыі над перспектывай развіцця народа ва ўмовах новай грамадска-палітычнай сітуацыі, якая склалася падчас перабудовы і адразу пасля распаду Савецкай імперыі.

Якраз у гэтую пару і з’явілася на старонках часопіса “Маладосць” (№ 2, 1997) рамантычная аповесць А.Лойкі “Кельты не ўміраюць…”, якой сам яе аўтар даў падзагаловак “амаль дэтэктыўная паэма-аповесць”.У ёй А.Лойка выступіў, з аднаго боку, як прадаўжальнік Караткевічавай традыцыі рамантызацыі гісторыі, з другога, узняў і разгарнуў на матэрыяле грамадска-культурнага руху 60-х — 90-х гг. ХХ ст. цэлае кола пытанняў нацыянальнага быцця, паклаўшы ў аснову твора дэтэктыўна-прыгодніцкі сюжэт з гісторыяй рамантычных узаемадачыненняў маладога дацэнта і паэта Міраслава Струменіча і загадкавай студэнткі філфака, што назвалася ў пададзенай на ягонае імя ў часе чытацкай канферэнцыі запісцы незвычайным прозвішчам “Вікторыя Кельт”.

З гэтага эпізоду і пачынаецца вірлівая гісторыя пошуку Струменічам таямнічай незнаёмкі, поўная роздумаў, перажыванняў, рамантычнай закаханасці, радасных знаходак і трагічных расчараванняў, да якіх прыводзіць апантанага рамантыка, улюбёнага ў гісторыю свайго народа і красу роднага краю, здавалася б, бяскрыўдны розыгрыш даўняга знаёмага Струменіча – аспіранта Даўгелевіча.

Да гэтай аповесці А.Лойка прыйшоў узбагачаны вопытам напісання дзвюх гісторыка-біяграфічных кніг пра Я.Купалу і Ф.Скарыну, што выйшлі ў знакамітай серыі “ЖВЛ”, дзе пісьменніку давялося развязваць шматлікія вузлы і вузельчыкі айчыннай гісторыі, выводзячы з яе і ўпісваючы ў яе біяграфіі сваіх герояў, будаваць масты і кладкі гіпотэз і версій. Аднак, калі пласт эпохі еўрапейскага Адраджэння ХУІ стагоддзя і нацыянальнага Адраджэння пачатку ХХ ст. меў пад сабою пэўны і акрэслены нацыянальны гістарычны грунт, дык выбар у якасці інтэртэксту і, як высветліцца пазней, адліку ўласнай экзістэнцыі архаічнай гісторыі кельтаў аказаўся цалкам нечаканы, паколькі ніколі раней – ні ў асобе В.Ластоўскага як аўтара “Лабірынтаў” і заснавальніка волата-крыўскай тэорыі паходжання беларусаў, ні ў асобе У.Караткевіча ці каго іншага з плеяды сучасных пісьменнікаў, што працуюць на гістарычным матэрыяле, – беларуская літаратура, яе стваральнікі і даследчыкі не разглядалі наўпрост магчымасць прысутнасці кельцкага субстрату ў архаічным этнагенезе беларусаў, як і увогуле ўплыву кельтаў на духоўна-этнічную прыроду беларусаў.

У сувязі з гэтым варта адзначыць, што як свойская, архетыпічна-кодавая ў дачыненні да беларускай, гісторыя і культура кельтаў упершыню адкрылася А.Лойку менавіта як вучонаму – даследчыку рамантызму [1, c. 165], перакананаму, што перадгісторыю і гісторыю рамантызму недастаткова і вузка звязваць толькі з сярэднявечным “раманскім субстратам”, які ўбачыў у мастацтве кельтаў, росквіт культуры якіх прыпаў прыкладна на час паміж V і ІІ стст. да нашай эры, выразную “спантанна-эмацыянальную... перадрамантычную іпастась” [2, c. 68-69]. А гаворачы “аб адначасным успалымненні рамантызму Байрана і рамантызму Адама Міцкевіча і – больш таго – аб больш працяглым, нібы адкрыта вулканным вывяржэнні на працягу і ХІХ і ХХ стагоддзяў рамантызму славян – і палякаў, і беларусаў, і ўкраінцаў”, выказаўся ў тым сэнсе, што там, “дзе першарэчыва рамантызму зарадзілася, лягло ў архітэктоніку падглеб’я нацыянальных культур, там яму цяжэй выгасаць, там яно і прадаўжае вывяргацца талентамі кандэнсавана рамантычнымі” [2, c. 69].

Такім чынам, А.Лойка не толькі ўпершыню звязаў з духоўнай спадчынай старажытных кельтаў і іх еўрапейскіх нашчадкаў (да іх вучоныя адносяць сёння прыкладна ¾ насельніцтва сучаснай Еўропы) генезіс беларускай рамантычнай традыцыі, але і ўвасобіў ідэю пераемнасці ў арыгінальным мастацкім творы, які працягваў, удакладняў, развіваў ідэі навуковага даклада і публікацый прафесара. Не выпадкова, што галоўны герой аповесці дацэнт Струменіч, як і прафесар А.Лойка, трымаецца думкі, што “кельты пайшлі не толькі на захад – да Альбіёна, але мелі сваім месцам рассялення і Панямонне”. А таму дапускае іх, кельтаў, "прамы ўплыў на продкаў славян, на сваіх продкаў, калі не асіміляцыйнай блізкасці, то, напэўна ж, культурнаўплывовай” [3, c. 65].

Такім чынам, сама дэтэктыўная гісторыя пошукаў загадкавай і няўлоўнай Вікторыі Кельт, пры ўсёй яе важнасці ў разгортванні сюжэта, выступае пераважна як знешняя, вонкавая ў дачыненні да ўнутранага ідэйнага зместу твора, аснову якога склалі назіранні над бытам, рэлігіяй, светапоглядам, а галоўнае, фатальным падабенствам гістарычных лёсаў кельтаў, што былі канчаткова вынішчаны германцамі і легіёнамі Цэзара і згінулі на рубяжы новай эры як народ з самабытнай культурай і мовай, паглынутыя Рымскай імперыяй, — і беларусаў, што апынуліся перад падобнай перспектывай на рубяжы трэцяга тысячагоддзя.

Праблема гэтая не толькі вызначае развіццё сюжэта і галіновых фабульных ліній аповесці, але і складае асноўны прадмет шматлікіх дыялогаў, трылогаў і унутраных маналогаў і роздумаў герояў аповесці і найперш яе галоўнага героя – Міраслава Струменіча, на якім трымаюцца лірычная плынь і ідэйны стрыжань твора.

Пралогам да яе пастаноўкі і асэнсавання ў аповесці сталі напісаны Струменічам рамантычны верш, прысвечаны кельтам, і асабліва рэфлексіі і крытычныя запытальныя медытацыі вакол ягонага зместу, што з’явіліся ў аўтара цягам тыдня пасля яго напісання: “Горды кельцкі жаль” прадаўжала падабацца, “спагады ў вятроў не просіць” – таксама: у сэнсе, хто каму дзе ў свеце спагадаў, калі ты сам сябе не сцвердзіў: гінеш, і прасіць у кагось спагады? Марная справа! Калі і гінуць, то горда! Жаль гэты ў яго, вядома, да кельтаў, з-за таго, што іх, такіх, не стала, бо як шкадаваць сябе, самога сябе? Але як гэта будзе разумецца: “Мяне адносіць у кельцкую далеч-даль”? У сэнсе: у знікомую даль, што і я нікну, чэзну (гэтага ж ён не хацеў сказаць!) ці ў сэнсе, што ён проста пераносіцца вятрамі гісторыі ў далеч мінулага – да іх, кельтаў, – у далеч кельцкага часу плямёнаў баявых сякер, у далеч кельцкага часу курганных плямёнаў, плямёнаў хаўтурных урнаў?...” [3, c. 49].

У лістах-пасланнях, якімі абменьваюцца Струменіч і Вікторыя Кельт, пошук адказаў на пытанне: “Чаму кельты?” — па-сутнасці, пераўтвараецца ў пытанне, як, дзеля чаго і ў імя чаго патрэбна жыць і паміраць, як ставіцца да смерці. У першым лісце таямнічая адрасатка Струменіча піша, што кельты не баяліся смерці, а таму “Вікторыя Кельт дзеля перамогі пойдзе на смерць. Дзеля перамогі патрэбны ахвяры, а гэта значыць – патрэбна смерць. Смерць ахвяр, – але гэта ў нашым разуменні, а не ў разуменні кельтаў, бо яны не ўміралі, паміраючы, бо яны ніколі не ахвяравалі сабой, так як верылі, што смерць – вароты ў іншае жыццё, яшчэ лепшае, чым зямное. Зрэшты, граніцы паміж жыццём і па-за жыццём у іх не было. Таму яны не паміралі, а проста ішлі на пярэбары ў іншы свет, якія суправаджаліся рытуаламі, друідамі, песнямі, забеспячэннем воя тым жа баявым канём і сякерай” [3, c. 56].

Адцягненая рамантызаваная афарбоўка гэтых філасофскіх сентэнцый не можа, аднак, завуаліраваць іх сур’ёзнай сацыяльна-палітычнай падаплёкі, абумоўленай перспектывай рэжымнага ўтрымання і немінучай гібелі беларусаў на задворках імперыі, цынічна і груба абмаляванай кадэбістам, маёрам Філем: “Не жыць ты будзеш, а гніць, беларус няшчасны, вырадак блядскі ўсіх гэтых славянаў і шмельтаў-кельтаў!..” [3, c. 80].

Цынізм выказванняў не адмаўляе, аднак, выдатнай падрыхтоўкі, цвярозага разліку і глыбокіх ведаў, якімі валодаюць ахоўнікі рэжыму і спецслужбы Савецкай імперыі. Распачатае маёрам Філем і капітанам Савейкам у прысутнасці Струменіча і з яго ўдзелам абмеркаванне-расследаванне прычын смерці кельтаў дзіўным чынам высвеціла падабенства прыёмаў, ужываных у свой час рымлянамі супраць кельтаў, і тымі метадамі і падыходамі, якія практыкаваліся ў царскай Расіі і Савецкім Саюзе ў дачыненні да беларусаў, ды і ўсіх іншых народаў, уключаючы рускі, што насялялі гэтыя імперыі.

Як вынікае з аналітычных разваг Філя, першая прычына гібелі кельтаў – гэта фізічнае вынішчэнне легіянерамі Цэзара найбольш адважных і пасіянарных воінаў, якія аказалі ворагу супраціўленне.

Другая – хітрая і тонкая палітыка паступовай духоўна-культурнай асіміляцыі, якую праводзіў Рым у дачыненні да заваяванага ім народа: “забіў кельта Патрык, – так, той папежскі арцыбіскуп ці біскуп, што ўгаворваў кельтам каталіцызм, што пад іх кельцкія святы і абрады падводзіў міну зацяжнога дзеяння, што пераўтвараў іх, незаўважна ім самім, ласцячы ім, юлячы перад імі, ну, не раўнуючы, як Хрушчоў перад беларусамі, калі казаў на парозе Беларускага універсітэта, што беларусы – малайцы, што яны першыя да камунізму дойдуць, бо ўжо гавораць на рускай мове!..” [3, c. 83].

Трэцяя, на думку Філя, заключаецца ў самазабойчай схільнасці саміх кельтаў да піроў, абжыралаўкі і бясконцых пахмелак, якая і сёння адгукаецца ў іх нашчадках, усходніх славянах, дэградацыяй і самазнішчэннем: ““Ах” – і вы, Струменіч; “Ах” – і ваша найяснейшая Вікторыя: братэрства па піцці-баляванні, па гасціннасці, па перазовах!.. Чыталі ўчарашнюю “Літаратурку”? Чыталі, як на Разаншчыне мужыкі і бабы тыдзень прапіваюць палучку і тыдзень равуць каровы ў кароўніках: цяляты карацей, іх маткі-красулі – даўжэй. А дохнуць не толькі каровы, – мрэ люд, мрэ народ. Горкі хваліўся: “Велика Россия: тысячи весей” у яе!..” Ці ж цяпер “велика”? Ці ж цяпер весяў у яе тысячы, як і не тыя вёскі даўно ўжо і на Беларусі. Кельты гінуць? Ды вёскі гінуць – рускія, беларускія, украінскія!..” [3, c. 83].

Трыумвірат спрактыкаваных у сваёй справе прафесіяналаў-даследчыкаў, з’яднаных (кожны па-свойму) адчуваннем рубяжа і моманту ісціны, аказаўся цалкам адзінадушным яшчэ ў адным найважнейшым пункце: на іх думку, прычына гібелі кельтаў як адзінай этнічна-культурнай супольнасці крыецца ў адсутнасці сапраўды народнай (адказнай перад народам) інтэлігенцыі, а таксама ігнараванні імі пісьменнасці як сродка захавання памяці, перадачы інфармацыі і традыцый, што яднаюць народ у адзінае цэлае, за што таксама нясе адказнасць інтэлігенцыя.

Сам Струменіч фармулюе гэтую залежнасць яшчэ больш яскрава і адназначна: “…І, ўрэшце, атрымліваецца, што кельты зніклі без інтэлігенцыі, а СССР разваліцца, маючы народную інтэлігенцыю па-савецку. Беларусь і чэзне цяпер, што не мае сваёй кроўнай інтэлігенцыі, гібель кельтаў – прадузор наш” [3, c. 86].

Герой аповесці А.Лойкі Міраслаў Струменіч – якраз з кагорты тых пасіянарных рамантыкаў, змагароў і пакутнікаў за народ і радзіму, апантаных шукальнікаў даўніх сцёртых знакаў уласнай памяці і сакральных запаветаў продкаў, што і Антон Косміч і Пташынскі з рамана У.Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”, археолаг Іван Іванавіч і Падземны Чалавек – з “Лабірынтаў” В.Ластоўскага, якія імкнуцца ўратаваць Бацькаўшчыну ад гістарычнага небыцця.

Да іх, безумоўна, належаць і самі аўтары гэтых твораў, якія адкрывалі і стваралі нацыянальную перспектыву, хто з рубяжа велетаў-крывічоў, гетаў і дакаў, як В.Ластоўскі; хто – з перыяду ліцвінскай гсторыі і эпохі нацыянальна-вызваленчых паўстанняў Т.Касцюшкі і К.Каліноўскага, як У.Караткевіч. Альбо, як А. Лойка, які скіраваў свой погляд ў эпоху кельтаў.

Над ўсімі імі – аўтарамі і героямі рамантычных твораў – пануе і ўзвышаецца трагічны знак гісторыі кельтаў, культура, міфалогія і лад жыцця якіх далі старт грандыёзнай эпосе рамантызму і рамантычнага спосабу мыслення і стаўлення да рэчаіснасці, якая ахопіць сабою ўсё Сярэднявечча, самым радыкальным чынам паўплывае на адраджэнне і станаўленне новых нацыянальных літаратур у Еўропе ХVІІІ-ХХ стст.

Трагедыя Струменіча як рамантычнага героя і рамантычнай асобы – якраз у разарванасці гістарычнай самасвядомасці, у катастрафічным разладзе паміж адраджэнцкаю мараю і жыццём, паміж аптымістычным адчуваннем духоўнай прыналежнасці да Купалавай “сакалінай сям’і” і ўсведамленнем амаль фатальна наканаванага яму і ягонаму пакаленню лёсу Багдановічавага “Страцім-лебедзя”, якія авалодваюць героем перад спробай самагубства: “Але ж якая я сям’я, – пакутуе Струменіч, калі я – ні беларус, ні кельт, і хата – не мая, і Вікторыя – не мая?!. Хай, аднак, сям’і няма, дык ёсць жа я: я – птушка, я – сокал! Купалаўскі белы сокал!” [3, с. 91].

Сюжэт аповесці А.Лойкі “Кельты не ўміраюць...” жывілі не толькі фантазія і выдумка раманіста, але само жыццё, актыўным удзельнікам і сведкам якога быў ён сам, якое адгукалася ў ім балючай памяццю аб трагедыі ягоных выхаванцаў-узлётаўцаў (сяброў універсітэцкага літаратурнага аб’яднання “Узлёт”) – дацэнта філфака, пісьменніка і літаратуразнаўца Рыгора Семашкевіча, выдатнай паэтэсы Яўгеніі Янішчыц, што калісьці сягнулі ў вялікі свет паэзіі і навукі з-пад ягонага апякунчага крыла і трагічна загінулі, скончыўшы жыццё самагубствам у атмасферы жыццёвай неўладкаванасці і духоўнага надлому, выкліканых грамадскім застоем і крызісам 70—80-х гг.

Пісьменнік, аднак, змяніў у творы жыццёвы фінал сваіх герояў. У аповесці і Струменіч, у абліччы і паводзінах якога аўтарскія рысы і ідэйныя перакананні цесна спалучаны з пазнавальнымі дэталямі і рэальнымі фактамі з жыцця Р.Семашкевіча, і Вікторыя Замара-Кельт, збіральны вобраз якой увабраў у сябе некаторыя рысы і жывыя ўражанні ад асобы Я.Янішчыц, застаюцца жывымі – як надзея і перакананне, што ахвярнікі і пакутнікі за вялікую ідэю, за красу, праўду і чалавечнасць не паміраюць, застаюцца жыць у людской памяці і сэрцах.

Такім чынам, пастаноўка А.Лойкам у аповесці “Кельты не ўміраюць...” праблемы нацыянальнага рубяжа і ўсебаковае асэнсаванне ў ёй цераз прызму архаічнай гісторыі кельтаў перспектыў нацыянальна-культурнага і дзяржаўнага адраджэння беларусаў у абставінах глабальных сацыяльна-палітычных перамен 90-х гг., з’явіліся важным падагульненнем ідэйна-філасофскіх пошукаў і здабыткаў беларускай рамантычнай прозы канца ХХ стагоддзя.

_________________________________

1. Лойка, А. Адам Міцкевіч і беларускі рамантызм / А.Лойка // Шляхам стагоддзяў. Матэрыялы двюх канферэнцый аднаго года: Ягелонскі універсітэт – 20-25 лютага 1989 г.; Беларускі універсітэт (Мінск) – 23-28 кастрычніка 1989 г. / Пад рэд.А. Лойкі. – Мінск, 1992.

2. Лойка, А. Галгофа: (Кніга лёсаў) / А.Лойка. – Слонім, 2001.

3.Лойка, А. Кельты не ўміраюць... / А. Лойка // Маладосць. – 1997. – № 2. – С. 35-99.


Л. Д. Сінькова (Мінск)


beldej-va-borovikov-se-rahimov-kk-sobyanin-ad-2k-ot-strategii-vizhivaniya-k-strategii-bistrogo-rosta-juramore-klajpeda-2002-6-noyabr-dekabr-s-26-27.html
belelyubskij-nikolaj-apollonovich-1845-1922.html
belezhki-ot-edin-ezoterichen-kurs-pod-formata-na-31-lekcii-drzhani-v-berlin-ot-26-septemvri-do-noemvri-1905-sbr-sch-93a-stranica-3.html
belezhki-ot-edin-ezoterichen-kurs-pod-formata-na-31-lekcii-drzhani-v-berlin-ot-26-septemvri-do-noemvri-1905-sbr-sch-93a-stranica-8.html
belgijskaya-skazka-chetverg-sreda-7-dnej-6-nochej-dati-zaezdov-23-09-29-09-30-09-06-10-07-10-13-10-21-10-27-10.html
belglengen-elektr-uati-5-mvt-zhne-odan-tmen-5-mvt-tan-zhoari-nemese-belglengen-zhilu-uati-100-gkalsa-zhne-odan-zhoari-sondaj-a-z-balansinda-kerneu-35-kv-zhne-odan-tmen.html
  • crib.bystrickaya.ru/ispolzovanie-vmeste-pryamih-i-kosvennih-dopolnenij-mestoimenij-kniga-avtomobil-pomidor.html
  • institut.bystrickaya.ru/uchebnij-plan-2009-2010gg-g-shumerlya-poyasnitelnaya-zapiska-k-uchebnomu-planu-mdou-ds-4ladushki.html
  • klass.bystrickaya.ru/avtomatika-i-vichislitelnaya-tehnika-s-ukazatelyami-svodnij-ukazatel-periodicheskih-izdanij-poluchaemih.html
  • paragraph.bystrickaya.ru/metodicheskie-rekomendacii-po-izucheniyu-disciplini-ispolzovanie-sovremennih-informacionnih-i-kommunikacionnih-tehnologij-v-rabote-s-molodyozhyu.html
  • tests.bystrickaya.ru/metodicheskie-rekomendacii-po-sozdaniyu-uslovij-dlya-razvitiya-mestnogo-tradicionnogo-narodnogo-hudozhestvennogo-tvorchestva-dalee-metodicheskie-rekomendacii-departamentu-kulturi-yu-ashubinu-obespechit-dovedenie.html
  • laboratornaya.bystrickaya.ru/razdel-iii-filosofiya-poznaniya-panin-a-v-filosofiya-uchebnik-3-e-izd.html
  • kontrolnaya.bystrickaya.ru/programma-podgotovitelnogo-kursa-dlya-detej-6-letnego-vozrasta-mozaika.html
  • shpargalka.bystrickaya.ru/variant-7-bankovskie-operacii-i-sdelki-banka-rossii-uchebno-metodicheskij-kompleks-dlya-specialnosti-030501-yurisprudenciya.html
  • urok.bystrickaya.ru/primiritelnie-proceduri-v-grazhdanskom-processe-koncepciya-programmi-razvitiya-sudebnoj-sistemi-na-2007-2011-g-g.html
  • student.bystrickaya.ru/3usloviya-pritoka-zhidkosti-i-gaza-v-skvazhini-nekommercheskij-fond-imeni-professora-a-v-aksarina.html
  • kanikulyi.bystrickaya.ru/zhurnal-internazionale-italiya-30062009-astana-stolica-religij-novosti-onlajn-euobserver-com-ssha-26.html
  • school.bystrickaya.ru/avtonomnoe-vizhivanie.html
  • institute.bystrickaya.ru/glava-2-strategiya-socialnogo-razvitiya-rossii-obespechenie-prav-cheloveka-i-grazhdanina-v-socialno-kulturnoj-sfere.html
  • textbook.bystrickaya.ru/internet-resursi-grizlov-b-v-monitoring-smi-14-sentyabrya-2007-g.html
  • turn.bystrickaya.ru/pedagogika-audiovizualnogo-tvorchestva-v-socialno-kulturnoj-sfere-stranica-34.html
  • essay.bystrickaya.ru/chast-2-psiholingvisticheskie-teorii-vospriyatiya-rechi-gluhov-v-kovshikov-v-psiholingvistika-teoriya-rechevoj-deyatelnosti.html
  • knowledge.bystrickaya.ru/nematerialnie-aktivi-gosudarstvennij-registracionnij-nomer-prisvoennij-vipusku-obiknovennih-imennih-bezdokumentarnih-akcij.html
  • spur.bystrickaya.ru/lekciya-7-tema-tovarnaya-strategiya-i-taktika-firmi-vopros-marketingovoe-ponyatie-tovara-i-ego-klassifikaciya.html
  • write.bystrickaya.ru/glava-61-rassmotrenie-i-razreshenie-kollektivnih-k-trudovomu-kodeksu-rossijskoj-federacii.html
  • ucheba.bystrickaya.ru/prikaz-ot-13-yanvarya-2003-goda-n-6-ob-utverzhdenii-pravil-tehnicheskoj-ekspluatacii-elektroustanovok-potrebitelej-prikazivayu-stranica-22.html
  • textbook.bystrickaya.ru/informatika-gosudarstvennij-obrazovatelnij-standart-srednego-professionalnogo-obrazovaniya-gosudarstvennie-trebovaniya.html
  • shkola.bystrickaya.ru/priklyucheniya-erasta-fandorina-v-xix-veke-stranica-5.html
  • student.bystrickaya.ru/314-meropriyatiya-v-g-nikiforov-glavnij-arhitektor-proekta-m-m-islamov-vedushij-arhitektor-a-f-sergeev.html
  • doklad.bystrickaya.ru/urok-14-urok-viktorina-protiv-tabaka-tabachnij-tuman-obmana.html
  • education.bystrickaya.ru/1-razval-sssr-kak-krupnejshaya-geopoliticheskaya-katastrofa-xx-veka.html
  • paragraf.bystrickaya.ru/zaochnoe-obuchenie-studenti-so-srednim-obrazovaniem-kompleks-po-kursu-rossijskoe-predprinimatelskoe-pravo-kazan-2007.html
  • learn.bystrickaya.ru/evangelie-ot-konstantina-skazka-rasskazannaya-ciolkovskim-vnuku-alyoshe.html
  • esse.bystrickaya.ru/prozhektori-dlya-galogennih-lamp-1000w-i-bolee-ceni-na-interesuyushuyu-vas-produkciyu-mozhno-utochnit-u-menedzhera-po.html
  • pisat.bystrickaya.ru/t-table-able-eibl-a-sposobnij-umelij-626-719-aboard-qbld-adv-prep-na-bortu-v-vagone-na-bort-v-vagon-2066-044-about.html
  • doklad.bystrickaya.ru/variant-2-metodicheskie-rekomendacii-k-seminarskim-zanyatiyam-slavyansk-na-kubani.html
  • znaniya.bystrickaya.ru/programma-seminara-sanitarno-parazitologiche-c.html
  • znaniya.bystrickaya.ru/proishozhdenie-detskih-nevrozov-i-psihoterapiya.html
  • doklad.bystrickaya.ru/v-ulan-ude-proshla-sovmestnaya-akciya-gibdd-i-mchs-vmeste-protiv-pozharov-na-transporte-internet-resurs-baikal24ru-08022011.html
  • vospitanie.bystrickaya.ru/zadachi-prepodavaniya-rassmotret-klassifikaciyu-i-harakteristiki-vidov-istochnikov-izuchit-evolyuciyu-istochnikov-opredelit-specifiku-informacii-iziskannoj-iz-istochnikov.html
  • spur.bystrickaya.ru/konkurs-provoditsya-administraciej-goroda-tambova-po-iniciative-sovetov-territorij-pri-administracii-goroda-tambova-dalee-sovet-territorii-i-zhitelej-goroda-tambova.html
  • © bystrickaya.ru
    Мобильный рефератник - для мобильных людей.